КВАНТУ́НСКАЯ А́РМІЯ,
злучэнне ўзбр. сіл Японіі ў Паўн.-Усх. Кітаі (Маньчжурыі) у 1919—45. Створана ў 1919 на Квантунскім п-ве (адсюль назва), які паводле Портсмуцкага мірнага дагавора 1905 адышоў да Японіі. У 1931—32 разам з інш. яп. злучэннямі акупіравала ўсю Маньчжурыю. Удзельнічала ў вайне супраць Кітая (з 1937), ваен. канфліктах з СССР на воз. Хасан (1938), з СССР і Манголіяй на р. Халхін-Гол (1939). У жн. 1945 складалася з 24 дывізій, 12 брыгад, падначаленых ёй паветр. арміі і Сунгарыйскай рачной флатыліі (усяго 750 тыс. чал., 1155 танкаў, 5360 гармат і мінамётаў, 1800 самалётаў, 25 караблёў). Разгромлена сав. войскамі ў час Маньчжурскай аперацыі 1945.
т. 8, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)